СТВАЛО́ВЫЯ КЛЕ́ТКІ, камбіяльныя клеткі,

родапачынальныя ўзнаўляльныя клеткі ў тканках жывёл (крывятворнай і лімфоіднай, у эпідэрмісе, покрыве стрававальнага тракту і інш.). Размнажэннем і дыферэнцыроўкай С.к. аднаўляюць страту спецыялізаваных клетак пасля іх натуральнай, узроставай ці фізіял. гібелі, а таксама ў аварыйных сітуацыях. Яны індывідуальныя для кожнага тканкавага тыпу, але ў яго межах здольны развівацца ў розных кірунках (напр., у крывятворнай тканцы млекакормячых С.к. дыферэнцыруюцца ў эрытрацыты, лейкацыты або мегакарыяцыты). З’яўляюцца самападтрымліваючымі; пасля дзялення С.к. адна клетка застаецца ў стваловай лініі, другая ператвараецца ў спецыялізаваную. Узнаўляльныя клеткі раслін утвараюцца з мерыстэмы і з’яўляюцца родапачынальнікамі тканак расл. арганізма (покрыўнай, праводнай і інш.).

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)